Краснапольшчына прымала ўдзельнікаў экспедыцыі “Дарога да святыняў”

У чацвер, 3 верасня, Краснапольшчына прымала ўдзельнікаў 27-й Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. У ліку дэлегацыі – прадстаўнікі праваслаўнага духавенства, адукацыі, культуры, пісьменнікі і паэты, журналісты, музыканты, артысты і вучоныя.

Экспедыцыя адправілася ў шлях 2 верасня з г. Мінску, ад Свята-Духава кафедральнага сабора. Далейшыя прыпынкі: Святое Поле каля в. Загор’е Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна – г. Асіповічы – г.п. Краснаполле – г. Касцюковічы – г.п. Хоцімск – г. Клімавічы. Праз гэтыя населеныя пункты ўдзельнікі экспедыцыі праносяць, акрамя Благадатнага агню ад Гроба Гасподняга, і цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы. На маршруце экспедыцыі Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга асвячаюцца помнікі славы і мужнасці нашага народа, каля магільных пахаванняў загінуўшых воінаў і партызан служацца памінальныя ліціі. Таксама праходзяць сустрэчы з жыхарамі наведваемых вёсак, пасёлкаў і гарадоў, з насельнікамі абіцеляў, з прыхаджанамі храмаў.  Экспедыцыя разлічана на пяць дзён, за гэты час яе ўдзельнікі пераадолеюць 1090 км. Завершыцца вандроўка ў г. Бялынічы, дзе ў нядзелю, 6 верасня, будзе святкавацца Дзень беларускага пісьменства.
Шаноўных гасцей Краснапольшчына сустракала (на мяжы Краснапольскага раёна) гасцінна – з хлебам-соллю.

У рамках экспедыцыі у Краснаполье прайшла  сустрэча з жыхарамі і адбылася духоўна-асветніцкая канферэнцыя “Дарога да Святыняў”: Краснаполле”, на якіх выступалі член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар С.С. Лаўшук, пісьменніца Н.С. Загорская, яна ж кіраўнік 21-й Экспедыцыі (1995 – 2015 гг.), заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, фотамастак, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, карэспандэнт газеты “Звязда” Я.В. Пясецкі, паэт Вадзім Спрынчан (піша на беларускай,  рускай і украінскай мовах).
Аб духоўным веў размову а. Аляксандр Пачопка, протаіерэй, настаяцель храма Свц. Міколы Цудатворца в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна. Адзначыў, што з сабой прывезлі дзве святыні: Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга і цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы. А ўвогуле духоўная частка экспедыцыі складаецца з Хрэснага ходу і малітвы.
Палітру выступоўцаў узбагаціў міні-канцэрт ансамбля сярэднявечнай музыкі “Вір”(г. Барысаў) у складзе паэтэсы, аўтара песень Марыны Лайковай (гітара, вакал), Васіля Лайкова (перкусія), Веранікі Лайковай (флейта). Іх выступленне было аддзякавана бурнымі апладысментамі.

Пасля духоўна-асветніцкай канферэнцыі яе ўдзельнікі Хрэсным ходам прайшлі ад раённага Цэнтра культуры да Свята-Успенскага храма г.п. Краснаполле, дзе быў адслужаны малебен, а прыхаджанам і вернікам разданы Благадатны Агонь. Завяршылася сустрэча ўдзельнікаў экспедыцыі на краснапольскай зямлі пасадкай Сада Малітвы на тэрыторыі царквы.


Па матэрыялах Дзіны МАНЬКО.