В Могилеве при проведении работ по расширению дороги около моста через Днепр был обнаружен фундамент Свято – Троицкого храма

В Могилеве при проведении работ по расширению дороги Пушкинского проспекта около моста через Днепр был обнаружен фундамент Свято – Троицкого храма.   До сего времени оставалось загадкой точное место нахождения этой церкви, которая  была построена в 1810 году и уничтожена в 50-е годы 20-го столетия. Предполагаемые координаты храма были установлены, используя данные немецкой аэрофотосъемки 1942г., о чем были информированы строители, занимающиеся дорожными работами.

На месте находки начались археологические раскопки под руководством д.и.н. Марзалюка И. А.

З гісторыі Троіцкай царквы ў Магілёве

М. Шымукенус, краязнавец   

 

На левым беразе Дняпра, насупраць гістарычнага цэнтра Магілёва, знаходзіліся дзве часткі горада —  сотні: Лупалаўская і Зарэцкая ці Троіцкая (Траечча). На тэрыторыі Зарэцкай сотні размяшчалася Троіцкая царква, якая ў ХVІ – пачатку ХХ стагоддзяў вызначала жыццё гэтай часткі горада. Дакладна невядома калі ўзнікла царква, даследчыкі часцей  выкарыстоўваюць дату —  1590 год. У той час Троіцкая царква была драўлянай і хутчэй за ўсё невялікай. У гэтай царкве адбыўся кур’ёзны выпадак. Святар царквы Святой Троіцы Павел Грыгарэвіч напісаў скаргу  магілёўскаму магістрату на сваіх прыхаджан – мяшчан Траечча. Аднойчы вернікі аднялі ключы ў святара і абвясцілі, што аддаюць царкву другому папу Аўдзею Цішковічу, якога прасілі адслужыць вячэрню. Святар палічыў гэты ўчынак за абразу і несправядлівасць, спасылаўся на тое, што служыць у царкве правам дзедзічным (спадчынным), яшчэ дзед яго Самуйла Іванавіч быў тут папом. Бурмістр і радцы паслалі на Траечча “слугу мескага” Пятра Мітковіча для расследавання дадзенага факта. Высвятлілася, што мяшчане былі незадаволены паводзінамі святара, быццам ён не паважаў прыхаджан і не жадаў да іх прыслухоўвацца. Грыгарэвіч заяўляў, што не ад мяшчан атрымлівае грошы, а ад каралеўскай улады, што царква з’яўляецца яго ўладаннем. Неабходна заўважыць, прыхаджане Троіцкай царквы былі не простымі людзьмі, сярод іх шмат багатых гандляроў і рамеснікаў, бурмістраў і радцаў. Яны жадалі самі вызначаць сваё рэлігійнае жыццё. Таму святару прыходзілася служыць у не простых умовах. Магістрат памірыў прыхаджан і папа, на пэўных умовах. Прыхаджане згадзіліся прыняць назад Грыгарэвіча, толькі каб ён не быў “пыхлівым і гордым”, на ўмовах пажыццёвага ўладання. Невыпадкова, што поп прасіў абавязкова запісаць гэта рашэнне ў судовыя кнігі магілёўскага магістрата.  Падзеі 1590 года сведчылі аб перамозе жыхароў Зарэцкай сотні над клірам Троіцкай царквы. З гэтага дакумента бачна, што царква існавала ўжо ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя, прыхаджанамі  з’яўляліся мяшчане Траечча і  жыхары сяла Оніскавічы [1, с. 496 — 498].

У канцы 1595 года Магілёў захапіў атрад казакаў на чале з Севярынам Налівайка. У каралеўскім лісце, ад 4 траўня 1596 года, указвалася, што войска Налівайкі спаліла 7 цэркваў, у тым ліку і Троіцкую [12, с. 71].

У 1596 годзе падпісана Берасцейская ўнія, праваслаўныя храмы ператваралі ва ўніяцкія. Гісторыя распаўсюджвання ўніяцтва – гэта працэс супрацьборства праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў. У 1618 годзе магілёўскія месцічы не пусцілі ў горад уніяцкага архіепіскапа Іосафата Кунцэвіча, за гэты учынак зачынілі праваслаўныя цэрквы ў Магілёве, сярод якіх згадвалася і Троіцкая царква [12, с. 71].

Адкрыццё Троіцкай царквы ў 1633 годзе, згодна з загадам караля Уладзіслава ІV,  звязана з трагічнай падзеяй. У праваслаўнага насельніцтва Магілёва вялікай павагай карысталася свята Троіцы. Раніцай, у дзень Пресвятой Троіцы, праваслаўныя вернікі спяшаліся ў царкву на богаслужэнне. Жадаючых пераправіцца праз Дняпро было шмат і паром перавярнуўся, патанула значная колькасць людзей. Хадзілі чуткі, быццам уніяты падрэзалі канаты парома. Праўда, у адным з дакументаў гэта падзея адносіцца да 1635 года [11, с. 20].

Ёсць звесткі пра Троіцкую царкву і ў часы вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (1654 – 1667 гады). У 1654 годзе Магілёў захапілі рускія войскі. Гетман Януш Радзівіл не змог вызваліць горад, вясной па яго загаду спалілі Задняпроўе, у тым ліку і Троіцкую царкву. У часы Паўночнай вайны (1700 – 1721 гады) паміж рускімі і шведамі Задняпроўе не было спалена і Троіцкая царква ўцалела [12, с. 71 — 72].

Дакладнае месцазнаходжанне Троіцкай царквы ў ХVІ – ХVІІІ  стагоддзях вызначыць цяжка. Справа ў тым, што царква у вышэйзгаданы перыяд была драўлянай, некалькі разоў перабудоўвалася, спальвалася ў войнах, зноў аднаўлялася ў новых месцах. Перашапачаткова царква знаходзілася на тэрыторыі паміж сучаснымі лядовым палацам і ДК “Хімвалакно”. Апошняя Троіцкая царква знаходзілася ў тым месцы, дзе заканчваецца мост цераз Дняпро і пачынаецца праспект Пушкіна (з боку горада).

Пасля пажара  9 снежня 1792 года, жыхары Траечча сталі будаваць новую мураваную царкву. Па звестках супрацоўніка НГАБ З. Яцкевіча царква закладзена не пазнее 1794 года. У 1810 годзе Троіцкая царква  асвечана і пачала сваю дзейнасць. Будынак царквы быў мураваным, а пры ёй знаходзілася драўляная званніца. Дах і купал царквы пакрылі жалезам, на купале жалеза замянілі ў 1844 годзе. У 1871, 1888, 1895 і 1901 гадах Троіцкую царкву рамантавалі. Царква Святой Троіцы была халоднай ці летняй, таксама існавала невялікая цёплая (зімовая) царква ва імя Раства Богародзіцы, якая знаходзілася пад званніцай. Зімовая царква фактычна была паўразбураннай і таму ў 1864 годзе пачалі будаваць новую. Пабудаваў новую царкву гомельскі мяшчанін Ціхон Семёнавіч Разанаў у 1865 годзе, на грошы атрыманныя ад дзяржавы за перадачу часткі зямлі пад шашу, а таксама за кошт духоўнага ведамства.  Асвечана гэта царква 21 лістапада 1864 года епіскапам Яўсевіем як царква Срэтення Гасподня, перабудована ў 1885 годзе [4, а.1 – 1 адв; 9, а. 3; 9].

Царква Святой Троіцы ў канцы  ХІХ стагоддзя  не выдзялялася арыгінальнасцю, выглядала даволі звычайна. Мясцовыя святары пастаянна сачылі за станам царкоўных пабудоў, наймалі майстроў, якія бялілі  і штукатурылі сцены, перакрывалі дах, красілі купала. Абодве царквы былі белага колеру, з галубымі купаламі. Над уваходам у Троіцкую царкву знаходзілася ікона Госпада Бога Саваоха са Святым Духам, у выглядзе галубка. Маёмасць царкоўная складалася з 2 паціраў, 2 сасудаў, 1 діскаса, 10 перамен святарскага адзення, 3 дыяканскіх сціхара, 10 сурветак для абрадавых патрэб [4, а. 1 – 1 адв.].

Мелася і царкоўная бібліятэка, у 1898 годзе налічвалася ўсяго 34 кнігі рэлігійнага зместу і 36 кніг духоўнага накіраваннасці. З 1858 года пачалі складаць і захоўваць прыходныя, а з 1856 года расходныя кнігі. Усе кнігі былі прашнураваны, з пячаткай. Захоўваліся ведамасці кашальковых грашовых сум, таксама тут трымалі і фінансавыя сродкі. З 1832 года пачалі весці і захоўваць метрычныя кнігі з запісамі аб нараджэнні, шлюбе і смерці. Спавядальныя запісы пачалі складаць з 1849 года, а з 1839 года вобыскныя запісы (звесткі пра шлюб, маладых, іх бацькоў і сведкаў). Добрая факталагічная база дакументаў Троіцкай царквы захавалася і дайшла ў значнай стэпені да нашага часу [3, а. 1; 4, а. 2].

Цікава прасачыць прыбыткі і выдаткі кліра Троіцкай царквы. З даўніх часоў прыхаджане  і рэлігійныя дзеячы ахвяравалі царкве розныя каштоўнасці: грошы, упрыгажэнні, зямлю і г. д. Так, у 1691 годзе беларускі епіскап і намеснік Сільвестр Валчанскі завяшчаў царкве Святой Троіцы 20 залатых. У 1858 годзе прыхаджанка Марыя Яцутіна завяшчала  царкве 70 рублёў срэбрам, а ў 1862 годзе мяшчанка Крысічова ахвяравала 50 рублёў. Магілёўскі мешчанін Стэфан Бутома завяшчаў Троіцкай царкве сенакосных лугоў 4 дзесяціны 564 сажняў зямлі. Пастаянны прыбытак прыносіў продаж свечак. Напрыклад, у  студзене 1858 года прададзена 2 фунта свечак на суму 2 рублі. Таксама збіралі грошы кружкамі на святы. Так, на свята Святой Троіцы ў маі 1858 года сабралі 2 рублі 86 капеек, а ў маі 1864 года 10 рублёў 52 капейкі. Троіцкая царква здавала ў арэнду землі і лугі, за гэта атрымлівалі грашовыя сумы. Напрыклад, у лістападзе 1867 года ўзялі 3 рублі за арэнду зямлі ад мяшчаніна Антона Лабякова [2, с. 421; 3, а. 1; 6, а. 2; 8, а. 21 адв.]. 

Улады прымушалі Троіцкую царкву збіраць грошы на розныя грамадзянскія патрэбы. Так, у 1902 годзе 31 снежня сабралі на карысць Гроба Гасподня 15 капеек, а на патрэбы японскай місіі 20 капеек. На распаўсюджванне праваславія паміж язычнікамі Расійскай імперыі сабралі 15 капеек. Нават збор сродкаў для патрэб таварыства ратавання на водах таксама быў абавязкам царквы, прыхаджанне ахвяравалі ўсяго 10 капеек. [7, с. 11 адв.]

Выдаткі царква мела таксама вялікія, неабходна было утрымліваць царкоўную маёмасць у добрым стане і шмат чаго купляць і рамантаваць. Так, у чэрвене 1856 года служыцелі Троіцкай царквы набылі 10 яшчыкаў вуголля ў селяніна памешчыка Гартынскага Савы Фёдарава за 60 капеек. У красавіку 1860 года за складанне новага зруба плотніку Калужскай губерніі селяніну Філіпу Казлову заплатілі 25 рублёў. Яўрэю Абраму Жытомірскаму за ўнутранны рамонт царквы ў чэрвене 1860 года аддалі 10 рублёў. Расходавала Троіцкая царква многа грошаў, невялікія прыбыткі не дазвалялі кліру Троіцкай царквы поўнасцю вырашаць шматлікія фінансавыя праблемы. Таму ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў Троіцкая царква  выглядала малапрыкметнай рэлігійнай установай, якіх на Беларусі  налічваліся сотні [8, а. 23].

Троіцкая царква  мела пэўную колькасць зямлі, якая з цягам часу памяншалася, у сувязі з будаўніцтвам Нова – Чарнігаўскай шашы. У 1898 годзе, па плану землямера Маеўскага, пры царкве налічвалася каля 7 дзесяцін зямлі, як прыдатнай, так і непрыдатнай. На гэтай зямлі размяшчаліся дамы святара і дзяка, а таксама агароды. Яшчэ 6 моргаў сенакоснай зямлі насупраць Буйніч належыла Троіцкаму прычту. Акрамя зямлі ў межах горада, царква мела шмат ворыўнай зямлі ў маёнтках памешчыка Сянажэцкага, асабліва каля вёскі Палетнікі. У 1852 годзе ўсе гэтыя землі перайшлі дзяржаве, таму штогод прычту Троіцкай царквы выплачвалася 7 рублёў 53 капейкі [3, а. 1; 4, а. 1 – 1 адв.].

Па штату праваслаўнай царквы 1844 года Троіцкай царкве дазвалялася мець святара і дзяка (з 1873 года псаломшчыка). Захаваліся звесткі пра святароў Троіцкай царквы. З 1851 па 1889 гады святаром на Траеччы з’яўляўся Іосіф Пятровіч Кернажыцкі, які пражыў 75 гадоў. Цікавы жыццёвы лёс гэтага чалавека. Ён закончыў магілёўскае духоўнае вучылішча ў 1837 годзе, быў настаўнікам духоўнага вучылішча ў Гомеле, а потым служыў у Буйнічах пры царкве Раства – Багародзіцы і пры дзявочым манастыры, а пазней святаром Федароўскай царквы Рагачоўскага павета. Яго жонку звалі Аляксандра, яны мелі дачку Марыю і сына Канстанціна. Да 1851 года дзякам і панамаром тут служыў Мікалай Кашмарэвіч, а пасля яго смерці Дзмітрый Самініч, які з’яўляўся зяцям Кашмарэвіча [3, а 1 — 2].

Значны ўклад у жыццё праваслаўнага насельніцтва Траечча ўнёс святар Пятро Львовіч Бруевіч, які служыў тут з 1889 года па пачатак ХХ стагоддзя. Бруевіч 1859 года нараджэння, закончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, працаваў законавучыцелям у розных народных вучылішчах, з 1889 года стаў святаром Троіцкай царквы. Праосвяшчэнным Сергіем ён узнагароджан набедраннікам у 1892 годзе, а у 1894 годзе  прызначан памочнікам благачыннага. У памяць царстваванія імператара Александра ІІІ Бруевіч атрымаў срэбраны медаль на Андрэўскай ленце ў 1896 годзе, а праз год выбраны членам праўлення Магілёўскай духоўнай семінарыі. Яго жонкай была Сафія Львоўна, яны мелі дзяцей: Пятра, Надзею, Георгія, Міхаіла і Паўла.  З 1858 года дзякам Троіцкай царквы з’яўляўся Леў Якушэвіч, а ў 1862 годзе Пятро Паслаўскі і Флор Тышкевіч. У 1864 годзе дзякам служыў Павел Піотух, а з 1868 года Іван Андрыцкі.  Найбольш вядомым служыцелям Троіцкай царквы быў Міхаіл Рыгоравіч Свідэрскі, які пачаў тут працаваць дзякам з 1871 года, ён меў некалькі падзяк ад вышэйстаячых святароў і таксама ў 1896 годзе атрымаў медаль на Андрэеўскай ленце. Цікавы выпадак адбыўся са Свідэрскім у 1886 годзе, за удзел у  венчаніі недазволенным законам, ён цэлы месяц  знаходзіўся ў затачэнні ў Аршанскім манастыры [4, а. 2 адв. – 3; 7, а. 11 адв.].

З даўніх часоў прыхаджане  Троіцкай царквы выбіралі старасту — грамадскага кіраўніка, які вырашаў розныя гаспадарчыя і фінансавыя пытанні. Сярод стараст Троіцкай царквы можна нагадаць: Спірідона Яцутіна, Сямёна Агеева, Афанасія Шкеля. Пры царкве дзейнічаў папячыцельскі савет  [4, а. 4 адв; 8, а. 9 адв.].

Да Троіцкай царквы адносіліся жыхары Траечча і Грабянёва, захаваліся лічбы аб насельніцтве. Так, у 1898 годзе ў межах горада пражывала прыхаджан — 301 чалавек, а на Грабянёва — 382 чалавекі і адпаведна ў 1903 годзе 346 і 473 жыхароў. Фактычна  гэтыя лічбы сведчаць аб насельніцтве Траечча і Грабянёва. Такім чынам, Троіцкая царква з’яўлялася цэнтрам жыцця праваслаўнага насельніцтва Троіцкай сотні горада Магілёва і спачатку вёскі Оніскавічы, а потым Грабянёва [4, а. 6 адв.; 5, а. 6 адв.].

Крыніцы і літаратура:

  1. ИЮМ. – Вып.7. – Витебск, 1876. – с. 496 – 498.
  2. ИЮМ. – Вып. 9. – Витебск, 1878. – с. 421.
  3. НГАБ, ф. 2324, воп. 1, спр. 3, а. 1 – 2.
  4. НГАБ, ф. 2324, воп. 1, спр. 7, а. 1 – 6 адв.
  5. НГАБ, ф. 2324, воп.1, спр. 16, а. 6 адв.
  6. НГАБ, ф. 2324, воп. 1, спр. 18, а. 2 – 31.
  7. НГАБ, ф. 2324, воп. 1, спр. 28, а. 11 адв.
  8. НГАБ, ф. 2324, воп. 1, спр. 29, а. 1 – 32 адв.
  9. НГАБ, ф. 2324, воп. 1, спр. 74, а. 1 – 6 адв.
  10. Фонд З. Яцкевіча.
  11.  Хроника белорусского города Могилёва, Москва, 1887, с. 20
  12. Шымукенус М. З гісторыі Магілёўскага Задняпроўя. Шляхі Магілёўскай гісторыі. Зборнік прац удзельнікаў ІV Міжнароднай навуковай канфрэнцыі “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”, Магілёў, 2005, с. 69 – 74.